ТУ́РАЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
другая па старажытнасці правасл. епархія на Беларусі. Засн. ў канцы 10 — пач. 11 ст. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі. Першапачаткова ахоплівала тэр. басейна р. Прыпяць і на Пн ад яе, уключала таксама гарады Навагрудак, Мінск, Пінск, Барысаў. Пасля разбурэння Турава (сярэдзіна 13 ст.) епіскапская кафедра перанесена ў Пінск, епархія стала наз. Турава-Пінская або Пінска-Тураўская (далейшую гісторыю гл. ў арт. Пінская праваслаўная епархія). У 1878—1922 кіруючыя архірэі Мінскай епархіі тытулаваліся «мінскія і тураўскія». У 1992 Т.п.е. адноўлена як самаст. епархія Бел. экзархата Рус. правасл. царквы. Уключае тэр. 10 адм. раёнаў Гомельскай вобл.: Акцябрскага, Брагінскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага. На тэр. епархіі дзейнічаюць 2 жаночыя манастыры. Епархіяльнае ўпраўленне ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Выдаецца газ. «Искра Православия». Тытулы кіруючых архірэяў: тураўскі (да сярэдзіны 13 ст.), тураўскі і мазырскі (з 1992).
Літ.:
Тураўская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 2000. Мн., 1999.
В.К.Касцюк.
т. 16, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)